НАРАЧА́НСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁР.

У Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач. Уключае азёры Нарач, Мястра, Баторына, Бледнае возера, злучаны паміж сабой пратокамі (за выключэннем бяссцёкавага воз. Бледнае) і маюць агульны сцёк у р. Нарач. Агульная пл. каля 100 км², аб’ём вады 0,8 км³, пл. вадазбору 279 км². Уваходзіць у нац. парк Нарачанскі.

Фарміраванне азёр звязана з этапамі адступання паазерскага ледавіка, калі вызваленыя ад яго ўчасткі Нарачана-Вілейскай нізіны запоўніліся расталымі водамі і ўтварыўся азёрны басейн, падпруджаны Паўд.-Нарачанскай канцова-марэннай градой на Пд і Свянцянскімі градамі на Пн; узровень яго быў на 5—7 м вышэйшы за сучасны. 10—12 тыс. гадоў назад прыток ледавіковых вод спыніўся, узровень басейна панізіўся і пачалі фарміравацца сучасныя азёры. Паводле саставу іхтыяфауны вадаёмы Н.г.а. сігава-снятковыя, ляшчова-судаковыя, акунёва-плоткавыя, зарыбляюцца вугром. На азёрах адзначаны гняздоўі птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі: лебедзя-шыпуна, малой крачкі, скапы, малой паганкі. У сувязі з інтэнсіўным антрапагенным уздзеяннем назіраецца пагаршэнне экалагічнага стану азёр, асабліва воз. Нарач. Прымаюцца меры па ахове унікальнага прыроднага азёрна-ландшафтнага комплексу. Маляўнічасць азёр, хваёвыя лясы на берагах, спрыяльныя кліматычныя ўмовы абумовілі стварэнне тут курорта Нарач з санаторыямі, дамамі адпачынку, дзіцячымі лагерамі, турбазамі і інш.

З.І.Гарэлышава.

т. 11, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)